Звычайны незвычайны выхадны дзень

Кожны з нас па свойму ставiцца да выхадных дзён. Адныя любяць адпачыць перад тэлевiзарам, другiя – зрабiць нейкiя закупы, а нехта адпраўляецца ў вандроўку. Менавiта так i зрабiла група супрацоўнiкаў нашага прадпрыемства, накiраваўшыся сустракаць Вiфлеемскую зорку ажно пад Мiнск.

Але аба ўсiм па парадку. Спачатку было вельмi цiкавае месца, пра якое амаль усе чулi, ды толькi мала хто быў. Завецца яно Дудуткi – музейна-гiстарычны комплекс старынных промыслаў i тэхналогiй. Настойлiва раю адлажыць справы, узяць с сабою дзяцей, паклiкаць сяброй i падараваць сваiм блiзкiм незабыўны выхадны дзень. Для нас чатыры гадзiны, праведзенныя там, праляцелi, як адно iмгненне. Спадабалася лiтаральна ўсё! Мы на свае вочы ўбачылi, як у кузнi робяць, напрыклад, цвiкi i падковы (i, нават, у гэтым паўдзельнiчалi); як кавалак бясформеннай глiны ў руках майстра пераўтворваецца ў прыгожую крынку для малака; як з пучка звычайнай саломы дзiвосным чынам з’яўляецца ёлачная цацка… Паслухалi старадаўнi беларускi народны iнструмент – дуду (дарэчы, адна з версiй назвы Дудуткi менавiта ад гэтага музыкальнога iнструмента), амаль усё даведалiся пра мёд, пра «павука» ў хаце i чаму вясною яго абавязкова трэба было спалiць i шмат-шмат чаго iншага. Акрамя таго, што ўбачылi i пакраналi рукамi, дык нас яшчэ i пачаставалi смачнай ежай свайго прыгатавання: духмяным хлебам, маладым сырам, смачным салам з цыбуляй i, нават, налiлi па чарцы самаробнай гарэлкi пад салёны агурок з мёдам. Асобным чынам хацеў бы адзначыць яшчэ два збудаваннi. Па-перш, вiзiтная карта Дудутак – вятрак, пабудаваны ў 1903 годзе. Па-другое – сучасная царква, асвячоная ў 2008 годзе. Адна з асаблівасцяў яе –дэкараваны саломай іканастас i саламяныя царскія вароты, якія з’яўляюцца дакладнай рэканструкцыяй царскай брамы XVIII стагоддзя.

У другой палове дня наша група накiравалася ў Мiнск, каб вечарам атрымаць асалоду ад камедыі «Дурочка» вялікага іспанскага драматурга Лопэ дэ Вега, якой сёлета спаўняецца чатырыста гадоў. «Дурочка» дынамічны спектакль, якi давалi ў Маладзёжным тэатры, напоўнены музыкай і сучаснай харэаграфіяй. Блiскучая гульня i майстэрства акцёраў, прыгожыя яркiя косцюмы, удзячныя гледачы – усё гэта нiбыта з’явiлася годным працягам пачатку дня.

Але ж i гэта быў «яшчэ не вечар». Як было сказана раней, мы накiроўвалiся так далёка, каб сустрэць Вiфлеемскую зорку. А, як вядома, кожны бачыць тое, што хоча ўбачыть. I яна ўзыйшла для нас над лесам непадалёку ад Мiнска, з ёю завiталi на агеньчык i конь, i авечка, i, нават, балотная кiкiмара. А разам з iмi надыйшло i Божае Нараджэнне…

Аляксандр Засiнец