Праз сучаснае ў мiнулае…

Травень i трэцi год запар велаквэст…  Хацелася б, каб гэта стала добрай традыцыяй. I на гэты раз удзельнiкi працягнулi адчыняць для сябе незнаёмыя сторонкi роднага горада. Толькi паслухайце, якiя прыгожыя назвы: Спаская, Замкавая, Калiннiк, Ксянзоўка… Не ведаючы, цяжка здагадацца, што гэта назвы цяперашнiх вулiц Дзяржынскага, Камсамольскай, Калiнiна, Фрунзэ. Менавiта па iх рухалiся ўдзельнiкi квэсту на роварах. I калi першыя назвы дастаткова зразумелыя, то на конт Калiннiка iснуе па меншай меры дзве версii. Па адной з iх у гонар святога пакутнiка Калiннiка. Па другой таму, што на схiлах яроў тут расло шмат калiны. I з Ксянзоўкай усё дастаткова зразумела – некалi на пачатку гэтай вулiцы жыў ксёнз.

Пакрыху рухаючыся па першых вулiцах горада удзельнiкi апынулiся каля Шайтан-гары, пра якую амаль усе чулi, але мала хто знае, дзе яна знаходзiцца – на скрыжаваннi вулiц Калiнiка, Фрунзэ i Iнтэрнацыянальнай. Есть некалькi легенд пра гэтае месца…

Даўным-даўно гэта здарылася. Неяк чорт, расхаджваючы начамі па людскіх паселішчах, наткнуўся ў раёне Мазыра на заможную гаспадарку, у куратніку якой гаспадыня не паспела па нейкіх прычынах выбраць курыны знос. Узрадаваўся чорт багатай і смачнай здабычы, пачаў складваць яе ў шапку і так захапіўся гэтай працай, што не заўважыў набліжэнне ранішняй зары. А ўзыход сонца і спевы першых пеўняў ён абавязаны быў сустракаць у сваім логаве — улада нячыстай сілы ў гэты час сканчалася. З багатай здабычай панёсся чорт у сваё месцазнаходжанне, але ў спешцы выпусціў са сваёй шапкі яйка, якое, зваліўшыся на зямлю, не разбілася, а ператварылася ў адзін з пагоркаў Мазырскай грады. З навуковага пункту гледжання гэты пагорак з’яўляецца старажытным паганскім капішчам. Менавіта тут нашы далёкія продкі здзяйснялі абрады, прысвечаныя іх шматлікім багам, асаблiва галоўнаму з iх — Роду, прыносячы ім багатыя ахвяры. Да прыняцця Кіеўскай Руссю хрысціянства і яшчэ доўгія дзесяцігоддзі пасля гэтай падзеі тут панавала ўладу вешчуноў. I яшчэ адзiн цiкавы факт. У седлавiне пад Шайтан-гарой выкапана пяціканцовая зорка. У свой час тут даволі часта праводзіліся піянерскія зборы і злёты, а на месцы зоркi разводзiлi вялiзнае вогнішча.

Далейшы шляг прывёў удзельнiкаў у Булаўкi — вёску ў 1 км ад ускраіны Мазыра, вядомую з сярэдзiны XVII ст. i ў той час называўшуюся Наружнiчы. Гэта самая высокая частка Мазырскай грады, яе найвышэйшая кропка — 220,7 м над узроўнем мора. Па народных паданнях тут знаходзіўся вартавы пост, абаронцы якога адбіваліся ад надыходзячых ворагаў булавамі — баявымі дубінамі. У больш позні час хутар мазырскіх мяшчан, тутэйшых землеўладальнікаў, назвалі Булаўкi. Ёсць і іншая здагадка — ад прозвішча першапасяленцаў Булаўка.

З Булавак мы трапляем у Бабраняты. Аснова назвы відавочная: слова «бабёр», але, магчыма, вытвораная ад прозвішчаў Баброўнік, Баброўнічая, Бабраня і г.д. Людзей з прозвішчамі ў корані «Бобр» ў навакольных населеных пунктах Мазыршчыны нямала, толькі ў тэлефоннай кніжцы раёна іх больш  за 100. Хутар Бабраняты мазырскіх землеўладальнікаў паўстаў не раней першай паловы XIX ст.

Калі рухацца ўздоўж усходняй мяжы ландшафтнага заказніка «Мазырскiя яры», патрапіш наўпрост у Даліну Смерці. Такую назву яна атрымала ў памяць аб разгарнутай у першай палове XIII стагодзя бітве паміж гараджанамі і татарамі. Гаротным апынуўся яе зыход для мазырян. Бітву яны прайгралі, вораг заняў горад. Даліну Смерці, ці як яе яшчэ называюць Кашмараўшчыну, замыкае Коршакова гара.

 

I на рэшце рэшт удзельнiкi апынулiся ў канчатковай кропцы вандроўкi – былым мужчынскiм манастыры ордэна цыстэрыянцаў, заснаваным у 1711 годзе, знаходзячымся ў Далiне Анёлаў. Для нас гэтае месца больш знаёмае, як былая мэблевая фабрыка. Не так даўно афіцыйным гаспадаром яе стала прыватная ўстанова «Цэнтр арганізацыі і развіцця турызму «Ніжняя Прыпяць» на чале з яе дырэктарам Аляксандрам Баранавым. Аляксандр разам са сваімі аднадумцамі вырашыў выратаваць гістарычную пабудову. У новага ўладальніка гэтага будынка і велізарнай тэрыторыі можна смела сказаць напалеонаўскія планы. Будаўніцтвы хостэла, цэнтра рамёстваў, шматлікіх пляцовак для культурнага вольнага часу. Прычым, па словах Аляксандра Баранава, усё будзе рабіцца не дзеля карысці, а дзеля людзей, для мінулага, сучаснасці і будучыні. Гэта і захаванне спадчыны, і магчымасць развіцця творчага патэнцыялу як моладзі, так і цалкам дарослых мозырян. Але каб усе гэтыя планы здзейнiлiся, патрэбна дапамога неабыякавых людзей. З падзякай адзначу ўсiх ўдзельнiкаў квэсту, пасля падвядзення вынiкаў па меры здольнасцей папрацаваўшых на тэрыторыi манастыра.

 

I хацелася б, каб высакародная справа валанцёрства не была аднаразовай акцыяй, а стала добрай традыцыяй як сярод завадчан, так i жыхароў горада…


Аляксандр Засiнец