Спадчына стагоддзя

Iмкнела праляцеў год i зноў велаквэст, i зноў знаёмства з патаемнымi месцамi тaкога знаёмага i, як вызначылася, не зусiм знаёмага горада. I калi летась ўдзельнiкi шукалi месцы, звязаныя з нашай далёкай гiсторыяй, то зараз трэба было адшукаць нешта больш уяўнае. Сама назва квэста «Спадчына стагоддзя» казала пра гэта. Дарэчы, i прысвечаны квэст быў стагоддзю Вялiкай Кастрычнiцкай сацыялiстычнай рэвалюцыi. Адно з першых пытанняў, заданых удзельнiкам, было зусiм простым: «Колькi ў нашым горадзе помнiкаў i бюстаў Ленiну?». Упэўнены, мала хто з жыхароў Мазыра вeдае адказ. Дык вось, па меншай меры – дзесяць, восемь з якiх нашыя вандроўцы ўбaчылi на свае вочы. Усяго на працягу крыху болей за 27 кiламетраў (а для некаторых i значна болей!) трэба было адшукаць сямнаццаць кантрольных кропак, сфатаграфавацца каля iх i пазней прад’явiць арганiзатарам. Увогуле, на старт выйшла адзiнаццаць каманд па тры чалавекi ў кожнай. Было цяжка и цiкава! Удзельнiкi ўбачылi шэраг помнiкай, а акрамя Ленiна гэта былi помнiкi Чапаяву, Крупскай, Кiраву, яны яшчэ i даведалiся, што Пхоў (па руску ПХОВ), напрыклад, гэта скароты, якiя азначаюць «Посёлок Хозяйственного Объединения Водников» i што ён быў заснаваны   ў 1913-14 гадах дзеля будаўнiцтва i абслугоўвання самага доўгага на Беларусi чыгуначнага маста, якi тады будаваўся праз раку Прыпяць i быў уведзены ў дзеючы стан 15 лiстапада 1915 года. У той жа прыкладна час былi збудаваны чыгуначныя вакзалы як на Пхове, так i на станцыi Мазыр, i ў Козенках. Вельмi цiкавым месцам апынулася станцыя Мазыр. Акрамя трох помнiкаў Ленiну, стогадовых чыгуначных вакзала i маста тут, уявiце, на пачатку 30-х гадоў знаходзiлася фельд’егерскае вучылiшча, першы выпуск якога адбыўся 1 чэрвеня 1934 года.

А цi чулi вы што-небудзь пра «мазырскую пятлю», якая апаясвае станцыю? Калi ў канцы 19 стагоддзя праз гэтыя мясцiны праектавалi Пецярбургскую чыгунку, якая iшла да Чорнага мора, будаўнiкi сутыкнулiся з сур’ёзнай праблемай. Чыгунка павiнна была тут за якiя-небудзь 2,5 кiламетры ўзняцца з 110 метраў да 190, а потым плаўна спусцiцца на адзнаку 160. На выбар было прапанавана 2 асноўных варыянты. Першы – будаваць буйныя выемкi з тунелем даўжынёй каля 1,5 км. Другi варыянт – закласцi лiнiю ў выглядзе серпантыну па схiлу грады. Гэты варыянт прадугледжваў сур’ёзнае падоўжанне лiнii, але ж быў значна таннейшы i менш працаёмкi. У рэшце рэшт ён i перамог. Магчыма, калi б чыгунка будавалася не ў часы Першай Сусветнай вайны, першы варыянт меў бы больш шансаў на перамогу. Але ж наша краiна засталася, тым не менш, без чыгуначных тунэляў…

Акрамя гiстарычных помнiкаў i фактаў удзельнiкi квэста на сабе даведалiся, чаму наш Мазыр называюць «горадам на сямі пагорках» і «беларускай Швейцарыяй» – трэба было на роварах падняцца з плошчы Ленiна да аўтавакзала, потым праехаць цераз Цяляпуны i праз дзiцячы дом выехаць у вёску Дразды.

У рэшце квэст скончыўся, удзельнiкi блiскуча выканалi прапанаваныя заданнi. Пераможцы атрымалi «Залаты пярсцёнак Мазыршчыны» – прыз, падрыхтаваны Аляксандрам Зазуляй – а ўсе астатнiя з задавальненнем пачаставалiся вялiзным тортам са знакавай назвай «Спадчына стагоддзя»…

 

P.S. Хацеў бы выказаць словы асаблiвай падзякi Ганне Васiльеўне Булаш, чалавеку беззапаветна закаханаму ў родны горад, за дапамогу ў падборы гiстарычных матэрыялаў.

 

P.P.S. Жыццё працягваецца. Праз год зноў квэст, зноў цiкавая вандроўка, зноў новыя прыгоды. Запрашаем вас! Трэба жыть кiламетрамi…

 

 

Аляксандр Засiнец